Пяць тыпаў беларускіх гарадоў
Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей
паказвае шматгранную рэчаіснасць беларускіх гарадоў у пяці вымярэннях
Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя – Цэнтр новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасць грамадства рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспертную дыскусію.
дэмаграфічная ўстойлівасць
стан эканомікі
якасць жыцця
мясцовыя ўлады
турыстычная прывабнасць
Цэнтр новых ідэй прэзентуе абноўлены Рэйтынг беларускіх гарадоў. Папярэдні быў складзены ў 2022 годзе, пасля чаго мы зрабілі паўзу: праз надзвычайную імклівасць зменаў у краіне штогадовыя абнаўленні наўрад ці адлюстроўвалі б рэальнасць. У 2026 годзе мы вяртаемся да аналізу, каб ацаніць дынаміку і трансфармацыі гарадоў за гэты перыяд.
Вядома, складана аб’ектыўна ацэньваць развіццё гарадоў з-за мяжы і ва ўмовах абмежаванага доступу да звестак. Сітуацыя ўскладняецца вайной ва Украіне, рэпрэсіямі, санкцыямі, залежнасцю ад расійскай эканомікі, міграцыяй і старэннем насельніцтва – усё гэта істотна змяняе краіну.
Таму “найлепшы горад” сёння – гэта, хутчэй, горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш з’язджаць з краіны. Для нас гэта месца з адносна стабільным і адначасова жывым развіццём, дзе прасцей будаваць будучыню: вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей.
Да важных чыннікаў трэба аднесці даступнасць медыцынскіх і сацыяльных паслуг, магчымасць атрымліваць годны даход, а таксама празрыстасць мясцовай улады і хаця б мінімальны ўплыў на яе рашэнні.
Мы натхняліся нашымі мінулымі выпускамі, але глядзелі і на прыклады суседніх краінаў ды іншыя даследаванні ў галіне развіцця беларускіх гарадоў і рэгіёнаў. Усе яны даследуюць фактычна тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфераў і валодаюць большым масівам статыстычных звестак.
Хоць падобныя індэксы змяншаюць бачны аб’ём інфармацыі, на практыцы ўнутры рэйтынга знаходзіцца вялікая колькасць статыстычных даных, якія ўрэшце і вызначаюць месца кожнага горада ў рэйтынгу. Ніжэй мы падаем тлумачэнні выбару ўсіх паказнікаў паводле пяці вымярэнняў.
У адрозненне ад мінулых гадоў, вымярэнні маюць розную вагу ў агульным выніку. Стан эканомікі і якасць жыцця даюць кожнае па 30% выніковага бала, дэмаграфічная ўстойлівасць – 20%, а мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць – па 10%. Мы пайшлі на гэты крок, каб даць большы прыярытэт эканамічным умовам і паўсядзённай якасці жыцця, бо менавіта яны найбольш уплываюць на рашэнне чалавека, дзе жыць. Стан мясцовых уладаў і турыстычная прывабнасць, хоць і ўздзейнічаюць на перспектывы горада, маюць меншы непасрэдны ўплыў на жыццё гараджанаў.
Акрамя таго, мы ўпершыню ўвялі бонусныя балы за памер горада. Жыццё ў буйным населеным пункце дадае магчымасцяў – больш працадаўцаў, паслуг, інфраструктуры, якія не заўсёды ўлоўліваюцца статыстыкай. Таму абласныя гарады (звыш 300 тыс. жыхароў) атрымліваюць +10 балаў, вялікія гарады (100–300 тыс.) – +6, сярэднія (50–100 тыс.) – +3, а малыя – без бонусу.
Вынікі паводле большасці паказнікаў выраўненыя па шкале ад 0 да 100 балаў згодна з формулай
Выключэннем з’яўляюцца вынікі экспертнага рэйтынга па славутасцях Беларусі і па паказніках у межах вымярэння “Мясцовыя ўлады”. У ім вынікі прадстаўленыя паводле трох- (0–50–100) і чатырохпрыступкавай шкалы:
Паглядзіце, як робіцца шкала, на прыкладзе:
Таксама ў асобных выпадках была выкарыстаная вінсарызацыя – метад абмежавання экстрэмальных значэнняў у статыстычных даных, каб паменшыць іх уплыў на агульны вынік.
Пэўнай праблемай пры стварэнні Рэйтынга беларускіх гарадоў быў статус блізу паловы даследаваных аб’ектаў – яны маюць статус гарадоў раённага падпарадкавання (а не абласнога), таму некаторыя даныя ў іх збіраюцца на ўзроўні ўсяго раёна, а не горада. Мы доўга думалі, якім чынам кампенсаваць гэты недахоп, але ў практыцы ручное выпраўленне дадзеных магло б зменшыць празрыстасць даследавання. Таму мы проста дадаем пазнаку, калі выкарыстоўваем звесткі па раёне, каб вы бралі гэта ў разлік пры вывучэнні вынікаў рэйтынга.
Праца над гэтым рэйтынгам ішла няпроста. Пэўна, гэта адна з рысаў часу, у якім жывём мы і нашыя гарады. З кожным годам даных, якія можна выкарыстоўваць пры аналітычнай працы, становіцца ўсё меней. Знайсці ім замену ў такі вірлівы і няпросты час – складана.
Ад некаторых крытэраў пры працы над рэйтынгам нам давялося адмовіцца (напрыклад, звесткі пра натуральны прырост больш не публікуюцца, а даныя з платформы “Голас” больш не актуальныя), а іншыя ўдалося дадаць. Намі былі дададзеныя новыя параметры камфортнасці пражывання ў гарадах, а таксама прааналізаваная колькасць жанчын у мясцовых органах улады, прысутнасць выканкамаў у сацсетках. Нягледзячы на эксперыменты, па пэўных асабліва адчувальных аспектах жыцця ў гарадах – стане экалогіі, культурніцкім і ўнутрысацыяльным жыцці – нам так і не ўдалося знайсці годнага спосабу ацэнкі.
Пры гэтым менавіта гарады застаюцца асноўнымі пунктамі канцэнтрацыі чалавечага капіталу, эканамічнай актыўнасці і сацыяльных змен у Беларусі. Таму нават ва ўмовах вялікай нявызначанасці ўсё роўна важна сачыць за іх дынамікай і своечасова фіксаваць ключавыя тэндэнцыі.
1. Захад мацнее, усход слабее
Падзел паміж заходнімі і ўсходнімі гарадамі працягвае паглыбляцца. Гродна абагнала Магілёў па насельніцтве і выйшла на трэцяе месца ў краіне. Брэст стаў № 2 у рэйтынгу, у той час як Гомель – другі горад па велічыні – апусціўся на восьмую пазіцыю. Заходнія абласныя цэнтры ўмацоўваюць свае пазіцыі за кошт турызму, больш жывой дэмаграфіі і блізкасці да мяжы з Еўрапейскім саюзам. На ўсходзе ж назапашваюцца праблемы: адток насельніцтва, слабая эканоміка, залежнасць ад адной галіны.
2. Гарады пусцеюць і старэюць
Рост насельніцтва паказалі толькі 4 гарады з 40: Мінск, Гродна, Брэст і Смалявічы. Усе астатнія губляюць жыхароў, у шэрагу выпадкаў – на 2–3% цягам чатырох гадоў. Адначасова гарады хутка старэюць: моладзь з’язджае ў буйныя цэнтры, і ў 15 гарадах доля пажылых людзей вырасла больш чым на 5 працэнтных пунктаў. Выключэнне – Смалявічы, дзе сярэдні ўзрост жыхароў зніжаецца дзякуючы прытоку маладых сем’яў.
3. Прамысловыя гарады раскалоліся
Мазыр і Салігорск захоўваюць моцныя пазіцыі ў першай дзясятцы. Аднак Наваполацк, Светлагорск і Бабруйск, якія таксама трымаліся на прамысловасці, пайшлі ўніз – па іх ударылі санкцыі, звужэнне рынкаў і адсутнасць дыверсіфікацыі. Залежнасць ад аднаго прадпрыемства ці адной галіны, што раней працавала ў плюс, цяпер ператварылася ў рызыку.
4. Блізкасць да Мінска больш не гарантуе росту
Дзяржынск пакуль трымаецца на 12-ым радку дзякуючы моцнай эканоміцы, але Маладзечна, Барысаў і Жодзіна – гарады, якія яшчэ нядаўна лічыліся “дынамічнымі спадарожнікамі” сталіцы – апусціліся ў ніжнюю палову рэйтынга. Адзіны сапраўдны бенефіцыяр мінскай агламерацыі – Смалявічы з ростам насельніцтва +15%, але і тут інфраструктура не паспявае за ростам.
5. Мясцовыя ўлады – нераўнамерна бачныя
Два новыя індыкатары дэманструюць адсутнасць сістэмнага падыходу. Цягам апошніх гадоў мясцовыя ўлады шмат дзе пачалі займацца сваёй прысутнасцю ў сацыяльных сетках (12 гарадоў атрымалі максімальную адзнаку), у той час як некаторыя ўсё яшчэ цалкам адсутнічаюць у Telegram, Instagram ды іншых рэсурсах (такіх 7 гарадоў). Доля жанчын у мясцовых Саветах – ад 18% да 63% без якой-небудзь карэляцыі з памерам горада або рэгіёнам.
Цісніце на групу, каб даведацца пра яе болей
Параўнанне 40 беларускіх гарадоў па трынаццаці паказніках у чатырох вымярэннях (дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, грамадска-палітычныя практыкі) дазваляе разбіць іх на восем груп.